Паэзія - свята слова...

                                                                                             Кнігі жывуць да тых часін,пакуль

                                                                                             іх не толькі чытаюць, але і

                                                                                             перачытваюць.

                                                                                                                                   Якуб Колас

     Паэзія – заўсёды свята слова… Паэзія – цудоўны свет, які хвалюе і натхняе… жыццё, гармонія, «музыка душы»… У гэтым пераканаліся навучэнцы групы 173-БТ, якім 1 красавіка ў межах тыдня філалагічных дысцыплін пашчасціла сустрэцца з таленавітымі паэтамі – Алай Клемянок і Аляксандрам Быкавым.

Даведачна:

       Клемянок Ала Леанідаўна – журналіст, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2003 года. Лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу ў намінацыі «Паэзія», пераможца абласнога конкурсу рукапісаў і лаўрэат абласной прэміі імя Цёткі.

       Нарадзілася ў г. Маладзечна Мінскай вобласці. Закончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала на радыёзаводзе «Спадарожнік», у дзіцячай бібліятэцы, карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Приборостроитель» МЗСПВ, рэдактарам газеты Маладзечанскага гарсавета «Наш дзень». З 1995 года жыве ў г. Смаргонь Гродзенскай вобласці, працавала загадчыкам аддзела культуры, маралі і права раённай газеты «Светлы шлях».

    Друкавацца пачала з 1977 года. Вершы змяшчаліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Куфэрак Віленшчыны», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», альманахах і калектыўных зборніках паэзіі. Выдала чатыры кніжкі вершаў: «Яны не ведалі мяне», «Бывай, Альба Рутэнія», «Рэфлексіі», «Не пускайце ў сэрца адзіноту». Вядзе ўласны Інтэрнэт-блог (http://www.pisateli.by/alla/blog.htm).

        Быкаў Аляксандр Генадзевіч – журналіст, паэт, член Саюза пісьменнікаў

Беларусі з 2009 года, пераможца Рэспубліканскага конкурсу за лепшы літаратурны твор 2013 года ў галіне паэзіі «Залаты купідон».

  Ураджэнец г. Барысава. Працаваў у аб’яднанні «Барысаўдрэў», затым — карэспандэнтам у шматтыражцы «Трыбуна наватара» завода БАТЭ, карэспандэнтам барысаўскай раённай газеты «Камуністычная праца» (зараз «Адзінства»), узначальваў літаб’яднанне «Бярэзіна». У 1985 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ і пераехаў у г. Мядзел, дзе ўзначальваў аддзел эканомікі раённай газеты «Нарачанская зара».

     Творы друкаваліся ў рэспубліканскіх і рэгіянальных перыядычных выданнях: «Звязда», «Мінская праўда», «Літаратура і мастацтва», «Вожык», «Полымя», «Нёман» калектыўных зборніках (літаратурна-мастацкае выданне «Дзень паэзіі – 2005»). Аўтар паэтычных зборнікаў: «Целую руки женщины моей», «Кветка папараць», «Пад небам бусліным», «За межы круга», «І тым не менш...», «Пегас на сотках», а таксама прозы - «Бабуліны макі».

    У цёплай сяброўскай атмасферы, напоўненай іскрыстым гумарам, прагучалі вершы паэтаў, якія падаравалі прысутным не толькі прыемныя ўражанні ад творчасці, але і асалоду ад роднай мовы; пародыі ж на вершы Аляксандра Быкава ў выкананні Алы Клемянок настроілі на пазітыўны лад.

     Паэты - незвычайныя людзі: яны дораць чалавецтву часцінку сваёй душы. Іх вершы жывуць, калі яны гучаць, зачароўваюць, прымушаюць быць нераўнадушнымі. Радасна ад таго, што творчасць нашых гасцей знайшла водгук і ў навучэнцаў, якія цікавіліся і пра першы вопыт вершаскладання, і пра любімыя тэмы майстроў слова.

   Паболей бы такіх незабыўных сустрэч, якія чароўнымі гукамі паэтычнага слова дапамагаюць абстрагавацца ад прозы жыцця…

 

Сянько В.С., выкладчык вучэбных дысцыплін

«Беларуская мова», «Беларуская літаратура»

Смотреть фото

Free business joomla templates