Я хаджу праайчынай сваёй, дзе
бруіцца хрысціянства крыніца.
Незнаёма-знаёмай зямлёй аніяк
не магу наталіцца...
Ул. Мароз
Дакументальны фільм І. Чышчэні “Першадрук”, прымеркаваны да 500-годдзя беларускага кнігадрукавання, - гэта спроба сказаць новае кінематаграфічнае слова пра спадчыну Францыска Скарыны. Ён пераносіць сучаснага гледача ў далёкі Скарынаўскі час, дапамагае адчуць дух той эпохі, калі Беларусь ужо стала часткай агульнаеўрапейскай культурнай прасторы, ішла на перадавых пазіцыях, бо, як вядома, пераклад Бібліі на беларускую мову, зроблены нашым славутым земляком, - гэта ўвогуле чацвёрты пасля чэшскага, нямецкага і італьянскага, а па колькасці кніг, выдадзеных кірыліцай, Скарына пераўзышоў іншых кірылічных друкароў другой паловы XV - першай паловы XVI стагоддзяў разам узятых.
За няпоўныя сорак хвілін фільма глядач паспявае прайсці сцежкамі Скарыны ад часу стварэння ім першай друкаванай кнігі Бібліі да апошніх гадоў жыцця асветніка, усведамляе, наколькі магутнай асобай быў наш першадрукар, які ўплыў зрабіў на еўрапейскую культуру. Пад час прагляду адчуваецца, што аўтар імкнецца перадаць не толькі сюжэт, але і пэўнае эмацыйнае перажыванне, стан душы. Доўгія планы, медытатыўны рытм, акцэнт на дэталях – усё гэта стварае пэўны настрой, у які хочацца заглыбляцца.
Рэжысёр стварыў не масавы прадукт, а кінатвор для ўдумлівага гледача, здольнага да эстэтычнага і інтэлектуальнага досведу. Таму дарэчы будзе прапанаваць разважанні нашых навучэнцаў аб прагледжаным і іх меркаванні аб тым, як магчыма зацікавіць асобай Скарыны і яго дзейнасцю сучасную моладзь.
Разважанні навучэнцаў групы 24-ТЭУ паводле фільма “Першадрук”
Уражаны сілай любові Скарыны да сваёй малой радзімы – да роднага яму горада Полацка, які ён згадвае ў сваіх прадмовах і пасляслоўях да кожнага выдання. Кнігі Скарыны ўнікальныя сваім высокім мастацкім ўзроўнем - так першадрукар паказаў нам, беларусам, што калі ты нешта робіш, то павінен рабіць гэта вельмі добра або не рабіць зусім. (Архіп С.)
З прагледжанага больш за ўсё ўзрушыла тое, як Скарына бліскуча здае экзамен у Падуанскім універсітэце і абараняе званне доктара медыцыны. Гэты факт падкрэслівае яго роўнасць з лепшымі розумамі Еўропы. Каб зацікавіць моладзь пакінутай нам спадчынай Скарыны, варта пераносіць асобу першадрукара ў сучасную медыяпрастору і паказваць яго як чалавека паспяховага, што змог скарыць Еўропу сваім розумам. (Цімур Ф.)
Лічу, што праз кнігавыдавецкую дзейнасць Скарына змог сцвердзіцца як сапраўдны патрыёт, бо вельмі хацеў, каб беларусы мелі доступ да кніг, а значыць і да ведаў. Ён не проста перавыдаваў рэлігійныя тэксты, але і рабіў іх даступнымі для шырокай аўдыторыі. Напрыклад, ён змяшчаў ў сваіх кнігах гравюры. Гэта была яго “фішка”, і, трэба сказаць, вельмі незвычайная па тым часе. Асабліва спадабаліся кадры фільма, дзе паказаны працэс кнігадруку і старонкі старажытных кніг – яны выглядаюць жывымі!
Скарынаўскія ідэі пра імкненне да адукацыі, даступнасць ведаў актуальныя і сёння. Каб папулярызаваць іх у моладзевым асяроддзі, можна выкарыстоўваць кароткія відэа, падкасты, анімацыі, праводзіць інтэрактыўныя выставы і віртуальныя экскурсіі. (Станіслаў К.)
Дзейнасць Скарыны зрабіла нашу мову мовай навукі і агульнаеўрапейскай культуры. У фільме асветнік паказаны яе сапраўдны герой.
Лічу, што Скарыну моладзі можна паказваць праз сучасны дызайн. Яго сімваламі, напрыклад, можна аздабляць стылёвае моладзевае адзенне. (Мікіта К.)
Дакументальны фільм “Першадрук” паказвае жыццё і дзейнасць Скарыны скрозь прызму яго эпохі, акцэнтуючы ўвагу на маштабе яго асветніцкай працы. У выдадзеных кнігах Скарыны – жывая народная мова з элементамі царкоўнаславянскай. Гэта спрыяла станаўленню старабеларускай літаратурнай традыцыі. Самым запамінальным момантам для мяне стаў той, дзе паказана, як працуе ручны друкарскі станок.
Прапаную папулярызаваць веды пра Скарыну праз вулічнае мастацтва. (Максім Г.)
Адметным падалося тое, што Скарына выдаваў кнігі Бібліі для простых людзей, не падзяляючы іх па канфесійнай прыналежнасці. Такі запавет Скарыны надзённа гучыць і сёння, бо Беларусь застаецца прыкладам яднання, талерантнасці, мірнага суіснавання праваслаўя і каталіцтва…
Гледзячы гэты фільм, адчуваў нейкую асаблівую цеплыню да сваіх вытокаў. (Ілья Ш.)
Матэрыял падрыхтавала А.П. Галгоўская,
выкладчык беларускай мовы і літаратуры.


