“Ішоў ён сейбітам нястомным па зямлі
І шчодраю рукою кідаў зерне,
Каб душы нашы кволыя змаглі
Свой несці крыж з любовію праз церні”
У рамках правядзення мерапрыемстваў Года культуры 28 студзеня 2016 года навучэнцы групы 133-БТ разам з выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Радзіон І.П. наведалі ў канцэртнай зале ДК г.Маладзечна вечарыну “Ішоў ён сейбітам нястомныя па зямлі”.
Урачыстае мерапрыемства было прысвечана 80-годдзю доктара гістарычных навук, пісьменніка-краязнаўца Генадзя Каханоўскага. І хоць славутага земляка побач з намі ўжо даўно няма, але атмасфера цеплыні і пяшчоты, дабрыні і разумення нікога не пакідала на працягу ўсёй сустрэчы. Выступленні сям’і, былых калег і аднавяскоўцаў давалі магчымасць прысутным у зале перанесцеся ў той час, калі жыў і працаваў майстар беларускага слова, патрыёт нашай Беларусі. А прэзентацыя біяграфічных звестак і былых сустрэч пісьменніка, вакальныя, інструментальныя і харэаграфічныя выступленні дзяцей і дарослых толькі напаўнялі вечарыну своеасаблівым падтэкстам.
Са словамі шчырай удзячнасці ў канцы мерапрыемства выступіў сын Аляксандр, які працягвае працу свайго бацькі, таксама доктар гістарычных навук.
Дырэктар ДК Сарока С.Р. указала на неабходнасць такіх сустрэч, т.як пакуль жыве памяць аб нашым земляку, жыве і ён сам у нашых душах і сэрцах, а адпаведна і яго дзейнасць, мары і будучае краіны.