Кнігі жывуць да тых часін,пакуль
іх не толькі чытаюць, але і
перачытваюць.
Якуб Колас
Паэзія – заўсёды свята слова… Паэзія – цудоўны свет, які хвалюе і натхняе… жыццё, гармонія, «музыка душы»… У гэтым пераканаліся навучэнцы групы 173-БТ, якім 1 красавіка ў межах тыдня філалагічных дысцыплін пашчасціла сустрэцца з таленавітымі паэтамі – Алай Клемянок і Аляксандрам Быкавым.
Даведачна:
Клемянок Ала Леанідаўна – журналіст, паэтэса, член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 2003 года. Лаўрэат рэспубліканскага літаратурнага конкурсу ў намінацыі «Паэзія», пераможца абласнога конкурсу рукапісаў і лаўрэат абласной прэміі імя Цёткі.
Нарадзілася ў г. Маладзечна Мінскай вобласці. Закончыла факультэт журналістыкі БДУ. Працавала на радыёзаводзе «Спадарожнік», у дзіцячай бібліятэцы, карэспандэнтам шматтыражнай газеты «Приборостроитель» МЗСПВ, рэдактарам газеты Маладзечанскага гарсавета «Наш дзень». З 1995 года жыве ў г. Смаргонь Гродзенскай вобласці, працавала загадчыкам аддзела культуры, маралі і права раённай газеты «Светлы шлях».
Друкавацца пачала з 1977 года. Вершы змяшчаліся ў часопісах «Маладосць», «Полымя», «Куфэрак Віленшчыны», штотыднёвіку «Літаратура і мастацтва», альманахах і калектыўных зборніках паэзіі. Выдала чатыры кніжкі вершаў: «Яны не ведалі мяне», «Бывай, Альба Рутэнія», «Рэфлексіі», «Не пускайце ў сэрца адзіноту». Вядзе ўласны Інтэрнэт-блог (http://www.pisateli.by/alla/blog.htm).
Быкаў Аляксандр Генадзевіч – журналіст, паэт, член Саюза пісьменнікаў
Беларусі з 2009 года, пераможца Рэспубліканскага конкурсу за лепшы літаратурны твор 2013 года ў галіне паэзіі «Залаты купідон».
Ураджэнец г. Барысава. Працаваў у аб’яднанні «Барысаўдрэў», затым — карэспандэнтам у шматтыражцы «Трыбуна наватара» завода БАТЭ, карэспандэнтам барысаўскай раённай газеты «Камуністычная праца» (зараз «Адзінства»), узначальваў літаб’яднанне «Бярэзіна». У 1985 г. скончыў факультэт журналістыкі БДУ і пераехаў у г. Мядзел, дзе ўзначальваў аддзел эканомікі раённай газеты «Нарачанская зара».
Творы друкаваліся ў рэспубліканскіх і рэгіянальных перыядычных выданнях: «Звязда», «Мінская праўда», «Літаратура і мастацтва», «Вожык», «Полымя», «Нёман» калектыўных зборніках (літаратурна-мастацкае выданне «Дзень паэзіі – 2005»). Аўтар паэтычных зборнікаў: «Целую руки женщины моей», «Кветка папараць», «Пад небам бусліным», «За межы круга», «І тым не менш...», «Пегас на сотках», а таксама прозы - «Бабуліны макі».
У цёплай сяброўскай атмасферы, напоўненай іскрыстым гумарам, прагучалі вершы паэтаў, якія падаравалі прысутным не толькі прыемныя ўражанні ад творчасці, але і асалоду ад роднай мовы; пародыі ж на вершы Аляксандра Быкава ў выкананні Алы Клемянок настроілі на пазітыўны лад.
Паэты - незвычайныя людзі: яны дораць чалавецтву часцінку сваёй душы. Іх вершы жывуць, калі яны гучаць, зачароўваюць, прымушаюць быць нераўнадушнымі. Радасна ад таго, што творчасць нашых гасцей знайшла водгук і ў навучэнцаў, якія цікавіліся і пра першы вопыт вершаскладання, і пра любімыя тэмы майстроў слова.
Паболей бы такіх незабыўных сустрэч, якія чароўнымі гукамі паэтычнага слова дапамагаюць абстрагавацца ад прозы жыцця…
Сянько В.С., выкладчык вучэбных дысцыплін
«Беларуская мова», «Беларуская літаратура»