Зорка Максіма Багдановіча запалілася 9 снежня 1891 года, і да гэтага часу яна свеціць нам з Яснага Неба. Прырода надзяліла Максіма Багдановіча шматгранным талентам. Выдатны паэт, публіцыст і празаік, таленавіты крытык і бліскучы перакладчык, глыбокі даследчык і тэарэтык літаратуры, грамадскі дзеяч – такім жыве ў нашай свядомасці незабыўны М.Багдановіч.
8-9 снежня ў нашым каледжы прайшла акцыя “Цытуем Багдановіча”. Філолагі запрасілі ўсіх жадаючых успомніць беларускага паэта і падзяліцца любімымі радкамі: трэба было сфатаграфаваць цытату ці верш Максіма і апублікаваць у сацыяльнай сетцы Instagram пад хэштэгам #мдпк_цытуеБагдановіча. Удзел у акцыі прынялі 45 чалавек (навучэнцы розных курсаў і выкладчыкі), дзякуем ім за гэта!
А раніцай 9 снежня дзяжурныя групы 193 – БТ на першым паверсе віншавалі ўсіх з прыгожай Максімавай датай, раздаючы міні-паштоўкі з лепшымі ўрыўкамі цудоўных вершаў Багдановіча.
Дзяўчаты групы 197-ХК ушанавалі памяць паэта, падрыхтаваўшы фота-калаж (фотаздымкі Максіма і яго сваякоў, вокладка зборніка вершаў і многае іншае).
Яшчэ адно мерапрыемства чакала групу 193-БТ у бібліятэцы “Верасок”, дзе прайшла невялікая, але вельмі цікавая імпрэза, прысвечаная юбілейнай даце. Работнікі бібліятэкі і вядомы грамадскі дзеяч Маладзечаншчаны Міхась Казлоўскі расказалі пра Багдановіча цікавыя факты, якіх не знойдзеш у падручніку па літаратуры.
Карацей кажучы, 130-годдзе з дня нараджэння Максіма Багдановіча адсвяткавалі! Чытайце Максіма і атрымлівайце асалоду ад чытання!