Учора ў нашым каледжы раніцай прайшла экспрэс-акцыя “Выправі памылку!”, прымеркаваная да Дня роднай мовы. Выкладчыкам, супрацоўнікам каледжа і, канечне, навучэнцам былі прапанаваны карткі з беларускімі словамі, у якіх наўмысна былі зроблены памылкі. Удзельнікам трэба было ўспомніць правілы арфаграфіі і выправіць усе недахопы. Безумоўна, не ўсё ва ўсіх атрымалася на 10 балаў, але большасць памылак была знайдзена і выпраўлена! Думаецца, што такія акцыі вельмі карысныя, бо дапамагаюць нам усім удасканальваць сваю арфаграфічную пільнасць. Дарэчы, на сайце каледжа размешчана прэзентацыя, з якой можна даведацца, чаму так важна сёння быць пісьменным.
А яшчэ навучэнкі групы 210-ТЗ раніцай падарылі многім супрацоўнікам каледжа закладкі з выслоўямі вядомых беларускіх пісьменнікаў аб важнасці захавання і шанавання роднай мовы. Навучэнкі ж групы 207-ХК прайшліся па аўдыторыях з невялікім аповедам аб абставінах узнікнення Дня роднай мовы.
Выкладчык беларускай мовы і літаратуры
Пасцернак І.У.