Аляксандр Ельскі пісаў: “Родная мова ў дакладным значэнні ёсць самая любімая спадчына нацыі; праз яе пасрэдніцтва лягчэй за ўсё пранікнуць у душу нацыі, закрануць пачуцці, праясніць розум, падштурхнуць адпаведную думку, заклікаць да дзеяння, змагацца са страсцямі, ствараць дабрачыннасці”.
Такім своеасаблівым “штуршком” да дзеяння для нашых навучэнцаў стаў майстар-клас па летэрынгу, прымеркаваны да Дня роднай мовы – свята, якое папулярызуе моўную разнастайнасць і шматмоўную адукацыю і адзначаецца штогод сусветнай супольнасцю 21 лютага.

Удзельнікамі мерапрыемства сталі навучэнцы груп 24-ТЭУ, 25-Э, 26-ТМ, 28-МП, якіх аб'яднала жаданне выявіць свае пачуцці да роднага слова праз творчасць. Юныя майстры акунуліся ў займальны свет летэрынгу – мастацтва стварэння прыгожых, графічна асэнсаваных літар.
Беларуская мова вельмі адметная, яна адлюстроўвае асаблівасці грамадска-эканамічнага ўкладу Беларусі, яе гісторыі, літаратуры і мастацтва, побыту і звычаяў беларусаў, беларускай прыроды. Таму у час творчай сустрэчы дарэчным стала тое, што навучэнцы ўзгадалі найцікавейшыя факты з гісторыі развіцця беларускай мовы, адзначылі непаўторнасць яе гукавога ладу, багацце слоўнікавага складу, адметнасць графікі.
Змест мерапрыемства значна ўзбагацілі загадзя падрыхтаваныя выказванні вядомых беларускіх паэтаў пра хараство роднай мовы. Навучэнцы старанна выбіралі фразы, якія найбольш адгукаліся ў іх сэрцах, уважліва аналізавалі іх сэнс, каб потым перадаць яго ў візуальнай форме.
У працэсе работы падлеткі асвойвалі асновы летэрынгу: ад выбраных шрыфтоў і кампазіцыйнага размяшчэння тэксту да працы з колерам і дэкаратыўнымі элементамі.
Кожнае слова, кожная літара былі старанна прадуманы, каб адпавядаць зместу выказвання і вабіць сваёй прыгажосцю. Творчая задача кожнага ўдзельніка была не толькі ў прыгожым напісанні абранага выказвання, але і ў тым, каб з дапамогай графікі падкрэсліць глыбіню думкі, меладычнасць і багацце беларускага слова.
Супрацоўніцтва, абмен ідэямі і творчая атмасфера спрыялі стварэнню незвычайных вучнёўскіх работ (спасылка на творчыя работы навучэнцаў тут), якія сталі яскравым праяўленнем павагі і любові да роднага слова, сведчаннем таго, як можна сучаснымі метадамі захоўваць і папулярызаваць роднае беларускае слова.
Матэрыял падрыхтавала А.П. Галгоўская,
выкладчык беларускай мовы і літаратуры


