У рамках дэкады філалагічных прадметаў навучэнцы груп 27-ХК, 30-ПРС, 29-МТ, 32-МХ 26 сакавіка праглядзелі мастацкі фільм «Чорны замак». Гэта другая экранізацыя рамана Уладзіміра Караткевіча «Чорны замак Альшанскі», знятая ў 2024 годзе.
У фільме пераплятаюцца падзеі старажытнасці, звязаныя з родам Альшанскіх, старонкі з гісторыі Вялікай Айчыннай вайны і, вядома, падзеі сучаснасці. Каханне і здрада, падступства і смага грошай, і нават пошук неўміручасці пераплятаюцца ў гэтай стужцы, каб ліха закруціць клубок падзей, які ў фінале атрымаецца разблытаць героям фільма.
Фільм, несумненна, выклікаў у навучэнцаў шмат эмоцый. Сваімі ўражаннямі адносна прагледжанага яны пачалі дзяліцца адразу пасля завяршэння фільма, а потым напісалі водгукі. Усе без выключэння пагадзіліся са словамі, якімі заканчваецца кінастужка: «Народ, які ведае сваю гісторыю, набывае неўміручасць. Калі будзем ведаць мінулае, то мы будзем непераможныя і адзіныя». Гэты фільм абавязковы да прагляду кожным жыхаром нашай краіны. Дзякуй яго стваральнікам за актуальную карціну і прадстаўленую магчымасць далучыцца да гісторыі!
ВОДГУКІ НАВУЧЭНЦАЎ
Мне вельмі спадабалася, што я змог паглядзець і старую версію, і новы фільм. Старая стужка больш спакойная і загадкавая, а новая- сапраўдны баявік з крутымі спецэфектамі і пагонямі. Было цікава параўноўваць, як розныя акцёры іграюць Антона Космача і як па-рознаму паказаны сам замак. У новым фільме я вельмі ацаніў дынаміку: усё адбываецца хутка, шмат містыкі і момантаў з мінулым. (Матвей С. гр.32-МХ)
Я ўпершыню глядзеў экранізацыю рамана Ул.Караткевіча «Чорны замак Альшанскі». Мне вельмі спадабаўся фільм. Асабліва ўразілі здымкі ў рэальных замках і лясах. Яны ствараюць тую самую містычную беларускую ауру. ( Іван К. гр.32-МХ)
У фільме адчуваецца беларуская гісторыя і культура: шляхта, старажытныя роды, легенды пра замкі. Гэта робіць фільм асабліва каштоўным для тых, хто цікавіцца гісторыяй (Уладзіслаў У. гр. 32-МХ)
Фільм пакінуў пачуццё трывогі і загадкавасці. Сюжэт трымае ў напружанасці да самага канца. (Іван С.гр.32-МХ)
Вельмі цікава было паглыбіцца ў гісторыю сваёй краіны і яе замкаў . (Раман С. гр.32-МХ)
Я б параіла паглядзець гэты фільм усім, хто цікавіцца гісторыяй і любіць чытаць гістарычныя прыгодніцкія фільмы з элементамі містыкі, фэнтазі і дэтэктыва. (Ганна Г. гр.30-ПРС)
Вельмі спадабалася, што ў кінастужцы спалучаецца сучаснасць з мінуўшчынай. Гэта падкрэслівае, што без памяці аб мінулым няма будучыні. Я не чытаў твор Ул. Караткевіча, але пасля прагляду фільма ўзнікла такое жаданне . (Уладзіслаў В. гр.30-ПРС)
Гэта выдатны фільм, я б паглядзеў бы яшчэ раз. (Дзмітрый Д.)
Мяне вельмі ўразілі прыгоды ў катакомбах: старажытныя механізмы, саркафагі, шкілеты і нават духі (Паліна Ц. гр.30-ПРС)
Вайгант А.А.,
выкладчык беларускай мовы і літаратуры







