Ужо некалькі год у навучэнцаў нашага коледжа існуе добрая традыцыя: 25 мая мы ўшаноўваем памяць класіка беларускай літаратуры Максіма Багдановіча. З гэтай нагоды ў панядзелак навучэнцы групы 117-ПБ, выкладчыцы беларускай мовы і літаратуры Галгоўская А.П., Хурсан І.У. разам з супрацоўнікамі бібліятэкі імя М.Багдановіча наведалі фальварака Ракуцёўшчына, які належаў некалі дробнаму шляхціцу Вацлаву Лычкоўскаму. У гэтым фальварку правёў два летнія месяцы 1911 года Максім Багдановіч. (Падчас адпачынку з-пад алоўка паэта тут пабачылі свет цыкл вершаў "Старая Беларусь" і Места", а таксама дзве паэмы "Вераніка" і "У вёсцы").
Ля мемарыяльнага валуна адбылася невялікая літаратурная імпрэза, падрыхтаваная вучнямі і настаўнікамі Красненскай сярэдняй школы. Далейшая размова пра славутага паэта працягнулася непасрэдна каля дома, дзе гасціў М.Багдановіч. Загадчыца музея Казакевіч Галіна Паўлаўна нагадала некаторыя звесткі з жыцця паэта, правяла наведвальнікаў ў дом гаспадара, у дом арандатара, паказала амбар з розным гаспадарчым начыннем.
Напрыканцы ўсе з асалодай пачаставаліся сцюдзёнай вадой з крынічкі, што мае назву "Максімава".
Сустрэча пакінула вельмі прыемнае ўражанне ва ўсіх наведвальнікаў Ракуцёўшчыны.