«Страніца лепшая ў штодзённіку жыцця».
Ракуцёўшчына – невячкая вёсачка, што недалека ад Краснага. Менавіта тут, у 1911 годзе, правёў свае самыя шчаслівыя канікулы 19-цігадовы Максім Багдановіч. Гэты час быў для яго часам натхнення і плённай працы. На зямлі продкаў Максім Багдановіч па-сапраўднаму адчуў сябе беларускім паэтам. У Ракуцёўшчыне нараджаліся творы (нізкі вершаў «Старая Беларусь», «Места», паэмы «Вераніка», «У вёсцы»), якія пазней увайшлі ў адзіны яго прыжыццёвы зборнік паэзіі “Вянок”.
У сядзібу Вацлава Лычкоўскага Максім Багдановіч прыехаў па запрашэнню дзеячоў беларускага адраджэння Антона і Івана Луцкевічаў, бо шляхціц быў іх родным дзядзькам. На той час Лычкоўскія мелі добрую гаспадарку, да іх з павагай ставіліся ў весцы. Зараз гэта дом гаспадара, дом арандатара, гумно (гаспадарчая пабудова) і акаляючая тэрыторыя.
Штогод Ракуцёўшчына збірае сяброў і прыхільнікаў творчасці геніяльнага беларускага паэта. 24 мая 2019 года навучэнцы групы 164-РТ ушанавалі памяць пра слыннага сына беларускай зямлі Максіма Багдановіча з прычыны 102- гадавіны з дня яго смерці. На сустрэчу прыехалі М.М. Казлоўскі – маладзечненскі краязнаўца, пісьменнік, паэты Т.І. Бярэзіна, А. Зэкаў, Т.І. Аўсяннікава, А. Хазянін, а таксама ўдзельнікі літартурнага аб’яднання “Клумба”(г. Мінск, БДУ). Гучалі вершы паэта і вершы пра паэта, успаміны сучаснікаў, прысутныя дзяліліся ўражаннямі.
_______________________________________________
З аднагруппнікамі мы наведалі веску Ракуцёўшчына, дзе адбывалася мерапрыемства, прысвечанае памяці Максіма Багдановіча. Паглядзелі прапанаваную праграму, слухалі вершы прысутных гасцей пра паэта, аповеды пра яго жыццё, напіліся вады з Багдановічавай крынічкі, што бруіцца недалека ад фальварка. Цікава. Мне спадабалася.
Расціслаў Чэчка, группа 164-РТ
У Ракуцёўшчыне ўразіла прырода. Там вельмі прыгожа.
Спадабаліся прачытаныя вершы і тыя, хто іх чытаў – у гучанні адчувалася харызма і эмацыйнасць.
Дзяніс Лысенка, группа 164-РТ
Напярэдадні дня памяці Максіма Багдановіча я пабываў на мерапрыемстве. Напачатку падалося, што будзе сумна, але праз некаторы час мне стала вельмі цікава. Гісторыя жыцця і творчасці Максіма ў вершах сталых паэтаў А.Зэкава, Т. Бярэзінай, Т.Аўсяннікавай узрушыла. Я з захапленнем слухаў творы аматараў паэзіі з літаратурнага аб’яднання “Клумба”, што існуе пры Беларускім дзяржаўным універсітэце. Не пакінуў мяне абыякавым і аповед экскурсавода пра тыя два короценькія, але такія пленныя ў творчым плане летнія месяцы жыцця Максіма ў Ракуцёўшчыне. Я б хацеў часцей бываць ў такіх мясцінах.
Аляксандр Рамановіч, группа 164-РТ
Мае першае знаемства з творчасцю Максіма Багдановіча адбылося ў далекія школьныя гады, калі на святочнай вечары я з захапленнем слухала, як з вуснаў настаўніцы ўсхвалявана гучалі яго паэтычныя радкі. Асабліва ўразіла тады канцоўка верша “Страцім – лебедзь”. З таго часу асабіста для мяне асоба Паэта стала знакавай. Далучыцца да Багдановічавага генія – гэта значыць далучыцца да еўрапейскай культуры, сусветнага цывілізаванага людства, захаваўшы пры гэтым сваю нацыянальную адметнасць, самабытнасць. Лірычная спадчына Максіма Багдановіча – класічная, колькасць бясспрэчных шэдэўраў, асабліва паэтычных, - унушальная. Яму было наканавана кароткае зямное жыццё і вечнасць у мастацкім слове. Сярод геніяў свету Максіма Багдановіч – самы малады, па сутнасці юны. Такія творцы – гэта дар Неба, Сусвету, каб не звяліся на нашай грэшнай Зямлі святыя пачуцці і высакародныя ўчынкі. Услухайцеся толькі: у прозвішчы БАГДАНОВІЧ прачытваецца БОГАМ ДАДЗЕНЫ.
У Ракуцёўшчыну з навучэнцамі мы прыязджаем штогод. Бо гэта магчымасць даць маладым судакрануцца з асобай паэта, адкрыць для сябе яго бязмежны свет хараства і шчырай любові да чалавека, яго высакародных пачуццяў, да роднага паэтычнага слова, да беларускага краю. Гэта напамін нам дбаць пра чысціну сваей душы, жыць у згодзе, паважліва ставіцца да іншых. “Нашто ж на зямлі сваркі і звадкі, боль і горыч, калі ўсе мы разам ляцім да зор?” - гэтае Багдановічава пытанне сення гучыць асабліва актуальна, і нам варта прыслухацца да слоў славутага Творцы.
А.П. Галгоўская, намеснік дырэктара па выхаваўчай рабоце,
выкладчык беларускай мовы і літаратуры