Версия для слабовидящих Версия для
слабовидящих
Перевести ru
slide1

Наши герб и флаг

1

21 лютага - Міжнародны дзень роднай мовы

121 лютага ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Ён заснаваны ЮНЭСКА па ініцыятыве Бангладэш. Свята ўзнікла дзеля таго, каб папярэдзіць знікненне ўнікальных гаворак і захаваць моўную разнастайнасць, падтрымаць нацыянальныя культуры, а таксама забяспечыць права кожнага чалавека на карыстанне роднай мовай. Дзень роднай мовы асаблівы для кожнай нацыі, кожнага народа, бо няма народа без мовы, няма мовы без яе носьбіта.

У нашым рознакаляровым і рознагалосым свеце налічваецца больш за шэсць тысяч моваў, але, як сведчаць даследчыкі, амаль палова з іх знаходзіцца пад пагрозай знікнення. Сёння прэстыжна валодаць замежнымі мовамі: англійскай, нямецкай, кітайскай. А роднай, беларускай? Беларускую мову мы вывучаем у школе, каледжы, нядрэнна разумеем, але, на жаль, мала ёю карыстаемся ў паўсядзённасці. Для большасці грамадзян нашай краіны пастаянным сродкам зносін з’яўляецца руская мова. Тым не менш, эксперты лічаць, што беларуская мова апошнім часам стала больш актыўна ўжывацца ў сферы рэкламы, культуры, бізнесу, а таксама ў інтэрнэт-прасторы.

Міжнародны дзень роднай мовы падштурхоўвае нас задумацца аб месцы матчынай мовы ў нашым жыцці, яе захаванні і перадачы наступным пакаленням. Пра тое ж нагадвае нам і Францішак Багушэвіч, голас якога сёння даносіцца з далёкага XIX стагоддзя:

“Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы".

Мацей Бурачок, 1891 г.

Сапраўды, мы павінны імкнуцца лепш ведаць сваю гісторыю, сваю культуру, сваю літаратуру, каб не сорамна было за сябе, за сваю Айчыну. А вучыць ёсць шмат што! Спадчына наша неабдымная! Не дайце загінуць ёй, жывой і непаўторнай, “з легендаў і казак” сатканай, “вобразнай, вольнай, пявучай”, цудоўнай роднай мове!

“Не саромся, беларус, гаманіць па-свойму — на роднай мове бацькоў і дзядоў сваіх. Шануй сваю мову, шануй свае песні, свае казкі, звычаі і ўсё роднае — гэта спадчына дзядоў і вялікі нацыянальны скарб. Толькі тады цябе ўсе будуць шанаваць як чалавека, калі сам сябе будзеш шанаваць — калі не адкінеш свайго нацыянальнага ўласнага багацця. А першы скарб нацыянальны — гэта родная мова” (Змітрок Бядуля)

Матэрыл падрыхтавала А.П. Галгоўская

Счетчик сайта

Free business joomla templates