Да Дня роднай мовы навучэнцы каледжа «ўзгадавалі» дрэўца- інтэрактыўнае дрэўца з лісточкамі-словамі. Яго пышная крона «зазелянела», дзякуючы намаганням хлопцаў з группы 4-тэу, якія загадзя рыхтаваліся да мерапрыемства, падбіралі ўласнабеларускія словы, цікавіліся іх значэннем, а потым у гульнёвай форме тлумачылі прапанаваныя на папяровых лісточках словы і замацоўвалі іх на галінках дрэва. Найбольш дасведчаныя дапаўнялі ўласнабеларускае слоўнае мноства сваімі прыкладамі, запісавалі іх на разных «лісточках» і таксама замацоўваў на галінках. Так «крона» шырылася, гусцела, набывала моц і хараство.
Як паведамляюць даследчыкі, слоўнікавае багацце беларускай мовы назапашвалася на працягу многіх стагоддзяў. Асноўную частку лексікі беларускай мовы складаюць спрадвечнабеларускія словы. Асабліва ярка з гэтага шэрагу вылучаецца ўласнабеларуская лексіка, асноўная частка якой развілася з мясцовых гаворак. Час з'яўлення ўласнабеларускіх слоў у нашай мове супадае з XIV- XVI стагоддзямі - часам фарміравання беларускай народнасці і яе мовы. Пісьмовыя помнікі гэтага перыяду «характарызуюцца насычанасцю спецыфічна беларускімі асаблівасцямі, і ёсць падставы гаварыць пра беларуска-літаратурную мову, якая сваімі фанетычнымі, граматычнымі, лексічнымі асаблівасцямі істотна адрозніваецца ад усходнеславянскай мовы X-XI стст.» (з «Гістарычная граматыка беларускай мовы» Ф.Янкоўскага)
Заўважым, што ўласнабеларускія словы ўжываюцца толькі ў нашай роднай беларускай мове. У іншых мовах, нават роднасных беларускай, ні фанетычнага падабенства, ні паўтораў мы не сустрэнем. Вы толькі ўслухайцеся і адразу адчуеце хараство, мілагучнасць і непаўторнасць гэтых слоў: аселіца, абрус, волат, бусел, золак, палетак, рухаць, сенажаць, славуты і інш. Менавіта яны - адметнасць беларускай мовы, яе гонар, нацыянальны скарб.
Матэрыял падрыхтавала А.П. Галгоўская