"Над зямлей шугае верасень"- сказаў калісьці Васіль Зуёнак, а да нас у каледж завіталі Л. Дранько-Майсюк – вядомы беларускі паэт, прызнаны майстар інтымнай паэзіі, і не менш папулярны Э. Акулін – паэт рамантычны і шчыры, перакладчык, асабліва вядомы ў моладзевым асяроддзі як бард, аўтар шматлікіх песень і балад. Сення яны, у тым прызналіся самі госці, вандруюць пад знакам "Верасня" – літартурна-мастацкага часопіса, да выдання якога маюць самае непасрэднае дачыненне.
Даведка: У часопісе "Верасень" публікуюцца творы класікаў беларускага прыгожага пісьменства, а таксама найбольш актуальныя сучасныя творы нацыянальнай прозы, паэзіі і драматургіі, якія маюць важнае значэнне для выхавання падрастаючага пакалення.
Калісьці Рыгор Барадулін напісаў верш, які пачынаўся радком: "У верасня свой асаблівы пах". Па-свойму "пахне" і часопіс "Верасень". І паліграфіяй, і зместам гэтае выданне – адметнае.
З гэтымі творчымі людзьмі нас звязвае даўняе сяброўства. Хутка будзе дзясятак год з той пары, калі стала добрай традыцыяй усім нам, і навучэнцам, і выкладчыкам, і нашым шаноўным гасцям, сустракацца разам у гэтыя вераснёўскія дні. І заўжды гэтыя сустрэчы адзначаны шчырасцю, напоўненыя эмацыянальнай чысцінёй. Пагаварыць есць пра што. Вось і ў гэты раз пасля сустрэчы ў актавай зале гаворка мела працяг за кубачкам духмянай кавы (або гарбаты – каму, дарэчы, што больш даспадобы).
- Дазвольце задаць Вам пытанні не «праграмныя», а тыя, каторыя цікавяць асабіста мяне як прадстаўніка навучэнскай молодзі. Думаю, гэта будзе не толькі цікава, але і карысна іншым, падобным да мяне маладым людзям.
-Калі ласка! - чую ў адказ, і пасля атрыманага дазволу пачуваю сябе вальней.
-Якой Вам бачыцца вяршыня пісьменніцкай кар'еры? Да чаго ўвогуле імкнуцца маладому, перспектыўнаму аўтару?
Да гаворкі найперш далучаецца Леанід Васільевіч Дранько-Майсюк.
-Вяршыню пісьменніцкай кар'еры я ўяўляю сабе так: усе твае творы закончаны, няма ніводнага, які б застаўся распачатым. А імкнуцца трэба творцу да таго, каб яго творы выдавалі, каб іх чыталі і ведалі.
-Вы плануеце ўвесь час жыць у Беларусі? Ці можа лепей бы паехаць куды-небудзь за мяжу на сталае месца жыхарства?
-Я не лічу сябе вялікім патрыётам, але хачу шчыра сказаць, што я люблю сваю Бацькаўшчыну. Я шмат дзе пабываў. Зараз не планую і не маю жадання ехаць куды-небудзь, акрамя як па Беларусі. Прызнацца, у часы СССР былі мары паехаць за мяжу, але тады гэта было амаль немагчыма.
-Апішыце, калі ласка, стан, амаль ідэальны для творчасці: абстаноўку, атмасферу, пачуванне ў душы, настрой.
-Мне падабаецца спакойнае надвор'е з тэмпературай паветра 10-15 градусаў. Калі дома сабралася ўся сям'я, звараны кубачак кавы, утульна і нішто не трывожыць твой спакой.
-А як ў Вас, Эдуард? – звяртаюся да Э.Акуліна, які сціпла сядзіць побач, уважліва сочыць за гаворкай.
-Я згодны з Леанідам.
-Вы чытаеце электронныя кнігі?
-Так, гэта вельмі зручна: у любы момант з табой побач аказваюцца дзясяткі тваіх любімых твораў.
-А што больш за ўсё замінае пісаць?
-Лянота, толькі лянота. Але трэба сябе прымусіць, трэба сесці за стол і хоць пакрысе, але пісаць.
-Каму першаму Вы паказваеце напісаныя творы?
-Жонцы, самаму блізкаму і дарагому майму сэрцу чалавеку.
Тут была вытрымана невялікая паўза, кожны думаў пра сваё, асэнсоўваў сказанае. І дзіва проста, гэта было маўчанне аднадумцаў, блізкіх па духу людзей.
-Які твор беларускай літаратуры вы лічыце ўзорным?
-"Людзі на балоце" І. Мележа.
-Згодны з Леанідам, - выказаўся Эдуард, які родам з Гомельшчыны. - У гэтым творы найбольш поўна праяўляецца наша нацыянальнае аблічча.
-А ўвогуле ў нас шмат выдатных твораў, - прадоўжыў Леанід Дранько-Майсюк, - і ўся наша бяда ў тым, што мы мала чытаем, наша літаратура застаецца нявывучанай.
-Што вас больш за ўсё здзіўляе ў беларускіх людзях?
-Талерантнасць, здольнасць быць разважлівымі, ураўнаважанымі ў добрым сэнсе. (І Леанід прывёў для параўнання складаную сітуацыю на Украіне).
-Што ж такое каханне?
-У першую чаргу гэта цярпенне ў адносінах да іншага чалавека. Раздражняюць такія пары, якія, пажаніўшыся, праз некалькі месяцаў або гадоў разыходяцца, маўляў, што не сышліся характарамі. А я лічу, што трэба мець цярпенне, што каханне прыйдзе з гадамі.
Эдуард на гэта пытанне чамусьці не адказаў, і толькі ўсмешка кранула яго вусны. Я шчыра падзякаваў гасцям, мы цепла развіталіся з надзеяй на новую сустрэчу.
З паэтамі гутарыў навучэнец группы 117-ПБ Камашынскі Аляксандр.